УЛАДЗІ́МІРА-СУ́ЗДАЛЬСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

адна з мясц. школ стараж.-рус. дойлідства. Склалася ў 12—13 ст. у перыяд узмацнення Уладзіміра-Суздальскага княства. Найб. выявілася ў культавым буд-ве. Пабудовы вызначаліся вытанчанасцю маст. аблічча, гарманічнасцю форм, урачыстым дэкорам. Адметныя рысы: белакаменная тэхніка, разны́я перспектыўныя парталы, аркатурна-калонкавыя паясы пасярэдзіне вонкавых сцен, складанапрафіляваныя пілястры з калонкамі. У 1160-я г. існавала буд. арганізацыя, дзе сумесна працавалі мясц., галіцкія і зах.-еўрап. (прысланыя імператарам Фрыдрыхам I Барбароса) майстры. Да яе ранняга перыяду (12 ст.) адносяцца помнікі: Спаса-Праабражэнскі сабор у Пераслаўлі-Залескім, царква Барыса і Глеба ў Кідзекшы, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор, Уладзімірскі Успенскі сабор, Пакроваў Прасвятой Багародзіцы на Нерлі царква, ансамбль у Багалюбаве (злучаныя паміж сабой пераходам сабор Раства Багародзіцы і палац; не захаваўся). У 13 ст. ўзмацніўся жывапісна-дэкар. пачатак: з’явіліся кілепадобныя закамары, шарападобныя «пацеркі» на парталах (сабор Раства Багародзіцы ў Суздалі), разны́ арнамент і шматфігурныя кампазіцыі амаль цалкам пакрывалі паверхні фасадаў (Георгіеўскі сабор у Юр’еве-Польскім).

Літ.:

Воронин Н.Н. Зодчество Северо-Восточной Руси XII—XV вв. Т. 1. М., 1961;

Вагнер Г.К. Мастера древнерусской скульптуры. М., 1966.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

т. 16, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)